Пазнаём кніжныя прыярытэты Еўропы: уражанні магістранткі кафедры РВТ

Варшава напрыканцы вясны — пад знакам кніг і чытання! З 17 па 20 траўня там ужо ў дзявяты раз адбылася найвялікшая міжнародная падзея выдавецкай галіны ў Польшчы — Warszawskie Targi Książki. У ёй прынялі ўдзел каля 800 экспанентаў з 32 краін: Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Італіі, Чэхіі, Бельгіі, Румыніі, Швейцарыі, Украіны, Расіі, Літвы, Грузіі, ЗША, Кітая, Бразіліі, Перу, Коста-Рыкі ды інш.

Аматары чытання (а іх за чатыры дні на выставе пабывала больш за 80 тысяч!) мелі шыкоўную магчымасць знаёмства з прапановамі выдаўцоў з Польшчы ды ўсяго свету, набыцця ўлюбёных выданняў, а таксама ўдзелу ў багатай праграме мерапрыемстваў: каля 1500 сустрэчаў з аўтарамі, дэбатаў, майстар-класаў, лекцый па літаратуры і гісторыі, забаваў для дзяцей, цырымоній узнагароджання літаратурных і галіновых прэмій, конкурсаў і мастацкіх выставаў.

У межах кірмашу, акрамя традыцыйных канферэнцыйных пляцовак, упершыню былі арганізаваныя спецыяльныя зоны для абмеркавання праблем пэўных культурных накірункаў: дэтэктыўнай і фантастычнай літаратуры, папулярнай і горнай культур. У чарговы раз праведзены фестываль коміксаў, які згуртаваў стваральнікаў і распаўсюджвальнікаў літаратуры падобнага фармату з усяго свету. Было чым заняцца і творцам інтэрнэт-прасторы: 19–20 траўня цэнтральная частка стадыёна ператварылася ў “месца сустрэчы” вядомых польскіх блогераў, геймераў, касплэераў ды іншых удзельнікаў фестывалю Meet Point.

Пазнаём кніжныя прыярытэты Еўропы: уражанні магістранткі кафедры РВТ

Галоўнае польскае свята літаратуры праходзіла на Нацыянальным стадыёне і было настолькі маштабным, што, акрамя друкаваных каталогаў, дзеля зручнасці наведвальнікаў арганізатары распрацавалі дадатак для смартфонаў, а апошнія навіны ды каментарыі экспертаў публікавалі ў адмысловай “Хроніцы кірмашу” — чатырохпалоснай газеце, якая выходзіла штодня на працягу усёй выставы.

Беларускую выдавецкую галіну сёлета прадстаўлялі дзве пляцоўкі: стэнд Міністэрства інфармацыі з прадукцыяй дзяржаўных кампаній, а таксама стэнд грамадскай арганізацыі “Беларускі Дом у Варшаве”, дзякуючы намаганням якой польскі чытач мог пазнаёміцца з кнігамі шасці нашых незалежных выдавецтваў: “Тэхналогія”, “ARCHE”, “Янушкевіч”, “Галіяфы”, “Кнігазбор” ды “Лімарыус”. Як адзін з прадстаўнікоў выдавецтва “Тэхналогія” ў выставе прыняла ўдзел і магістрант факультэта ПіМ Аксеня Тарасевіч.

Кніжная выстава ў Варшаве стала не толькі цудоўным зрэзам дасягненняў выдавецкай галіны — яна яскрава адлюстравала існуючыя ў еўрапейскім грамадстве настроі і тэндэнцыі. Традыцыйна, вялікую колькасць прадстаўленых выданняў склала дзіцячая літаратура.

Наступная катэгорыя, якая заўсёды карыстаецца попытам — перавыданні класічных твораў (вельмі часта — у новым, пераасэнсаваным, метафарычным афармленні).

Пазнаём кніжныя прыярытэты Еўропы: уражанні магістранткі кафедры РВТ

Варта адзначыць, што падыходы да афармлення канкрэтнай кнігі могуць адрознівацца нават у межах аднаго выдавецтва (калі гаворка ідзе пра розныя кніжныя серыі). Напрыклад, вось якія варыянты перавыданняў “Алісы ў Краіне Цудаў” прапаноўваюць ангельскамоўныя кампаніі.

Яшчэ адна катэгорыя, якая ў час папулярызацыі навукі ды пашырэння прасторы нефармальнай адукацыі стабільна мае вялікую колькасць прыхільнікаў — навуковая ды навукова-папулярная літаратура з нестандартным і адначасова простым падыходам да раскрыцця тэматыкі. Гэта могуць быць, напрыклад, густоўна аформленыя выданні пра свет вакол нас і космас над намі, адаптаваны для маладога пакалення пераказ найбольш вядомых сюжэтаў з сусветнай міфалогіі, фундаментальны зборнік міждысцыплінарных распрацовак на стыку мастацтва і навукі ці проста кніга пра вядомых людзей — аматараў коцікаў.

І яшчэ адна цікавая тэндэнцыя — заканамерная рэакцыя на выклікі часу — з’яўленне ўсё большай колькасці выданняў, накіраваных на ламанне гендарных стэрэатыпаў у цэлым і паляпшэнне іміджу жанчыны ў грамадстве ў прыватнасці. Яскравы прыклад — серыя “Маленькія людзі, вялікія мары” выдавецтва Penguin Books для дзяцей, кнігі якой раскрываюць няпросты жыццёвы шлях і гісторыю поспеху сусветна вядомых асобаў — творцаў, навукоўцаў, жанчын. Дарэчы, жанчынам у навуцы прысвечаны асобны праект Penguin Random House, які так і называецца: Women in Science. У яго межах ужо створанае асобнае выданне, а таксама выпушчаны падарункавы камплект паштовак.

Цікавы факт: шматлікія з прадстаўленых на кірмашы выданняў вылучаліся нестандартным паліграфічным выкананнем і шырокімі магчымасцямі самарэкламы. Так, большасць дзіцячых нямецкамоўных выданняў мела ўнутры паштоўку, аформленую ў стылі вокладкі, а на форзацы — замацаваны аркуш з фізічнымі характарыстыкамі і падрабязным апісаннем зместу кнігі, пададзенымі па-ангельску.

Кніжная выстава ў Варшаве пакінула самыя прыемныя ўражанні. У апошні дзень арганізатары свята падзякавалі ўсім удзельнікам і абвясцілі даты правядзення наступнага, юбілейнага кірмашу — 23–26.05.2019. А значыць, раман цэлай Еўропы з кнігай працягваецца, і мы абавязкова сустрэнемся ў гэтым жа месцы праз год, каб зноў раздзяліць радасць дасягненняў, пашырыць сетку кантактаў, абмяняцца досведам ды й проста прыемна правесці канец вясны ў кампаніі аднадумцаў. Няхай жыве кніга!

Тэкст: Тарасевіч Ксенія, магістрантка кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій

magistr